Сіліцкі пра Дзень Волі 2007- актуальна і сёння

Віталь Сіліцкі імкнуўся не прапускаць шэсці і дэманстрацыі, асабліва Дзень Волі - і не толькі праз прафэсійную цікаўнасць, але і праз адчуванне сябе беларусам. Ніжэй - вытрымка з артыкулу "Развітанне з Мілінкевічам" для часопіса ARCHE (4 (55)), напісанага ў 2007 г., але дагэтуль актуальнага, як, зрэшты, і іншыя працы Віталя Сіліцкага.

На акцыі 25 сакавіка ў Менску каля будынка Акадэміі Навук я сустрэў свайго даўняга знаёмага — чалавека непалітызаванага, але, як той казаў, спачуваючага. «Гэта нейкае дэжа‑вю, — сказаў ён, камэнтуючы дэманстрацыю і мітынг. — З году ў год прыходзіш, і кожны год адно і тое самае». Магчыма, мой суразмоўца проста не заўсёднік апазыцыйных акцый, бо дэталі, канечне, мяняюцца — вагаецца колькасьць удзельнікаў, рознымі бываюць маршрут дэманстрацыі, памеры і мэтад зачыстак. Зь іншага боку, шмат чаго — скажам, заблякаваная Кастрычніцкая плошча, неймаверная колькасьць аўтазакаў ва ўсіх магчымых завулках і падваротнях і даволі стандартныя прамовы збольшага прадказальных прамоўцаў — сапраўды можна ўзгадаць шмат зь якіх папярэдніх акцыяў.

Такім чынам, я ўсё ж мушу збольшага пагадзіцца з заўвагай свайго сябра, хоць, мушу прызнаць, што адно шпацыраваньне наперадзе калёны спадара Фядуты зь бел‑чырвона‑белым сьцяжком дало мне дастаткова эмоцыяў і ўражаньняў, каб менавіта гэтая акцыя запомнілася. Колькасьць удзельнікаў пратэсту, хоць і аказалася значна вышэйшай, чым акцыі на пачатку першых гадоў ХХІ ст., стабілізавалася на нейкім даволі прадказальным для назіральніка і заўсёдніка ўзроўні. Некалькі спробаў рэбрэндынгу дня 25 сакавіка (пра афіцыйны рэбрэндынг — размова асобная, яна вартая асобнага артыкула), скажам, як нейкага «дня адзінства», відавочна праваліліся. Тыя, хто выйшаў на вуліцу, сьвяткавалі яго менавіта як Дзень Волі. І што цікава, нават прамовы выступоўцаў, канцэнтраваліся не на пагрозе страты незалежнасьці (пра што так доўга казалі у час вядомых газавых канфліктаў і правакацыйных, у добрым сэнсе, мэсыджаў спадара Мілінкевіча і інтэлігенцыі да ўлады), а на палітычных пытаньнях — на той самай свабодзе, адчуваньне недахопу якой ізноў вывела дэмакратычную субкультуру ў той самы дзень на тое самае месца. Выйшлі тыя, для каго незалежнасьць і свабода ўзаемазьвязаныя, неаддзельныя адна ад другой.

Простае параўнаньне з акцыямі 1990‑х гг., калі менавіта пагроза страты незалежнасьці выводзіла на вуліцы ў той самы дзень неверагодную на сёньняшні час колькасьць удзельнікаў, паказвае, што пагроза страты незалежнасьці ў беларускім грамадзтве цяпер проста не ўспрымаецца. А раз так, то камусьці можна і скакаць на імпрэзе «За независимую Беларусь», а іншым слухаць праз мэгафон даўно вядомыя хіты з альбому «Я нарадзіўся тут» (гэта, здаецца, замест канцэрту, пра які так доўга гаварыў і спрачаўся аргкамітэт). Падчас мітынгу я ўзгадаў, што гэты самы альбом у мяне запісаны на mp3‑плэеры, які быў у маёй кішэні. Надзеўшы слухавачкі і паставіўшы той самы «Палянэз», я дасягнуў нашмат больш прымальнай якасьці гучаньня бесьсьмяротнай мэлёдыі Агінскага і цудоўнага голасу Веранікі Кругловай. Злавіў сябе на думцы, што яшчэ лепш гэта гучала б дома на хатнім кінатэатры, а дзеля гэтага можна было там і застацца.

Жартую, канечне. Сэнс 25 сакавіка — ня ў тым, якім чынам пройдзе акцыя, і нават ня ў тым, што там хто скажа — дарэчы, са мной, па маіх заўвагах, пагаджаліся многія ўдзельнікі, якія мэтадычна перамяшчаліся ў натоўпе, сустракаючы і віншуючы, абгаворваючы навіны і абмяркоўваючы, колькі народу выйшла, пяць тысячаў ці дзесяць, і збольшага не заўважаючы, што даносіцца з мэгафонаў, якія ў задніх шэрагах усё роўна перабіваў міліцэйскі мацюгальнік. Вартасьць гэтага дня для тых, хто на яго заўсёды выходзіць, ня ў тым, колькі выйшла, і ня ў тым, хто выступіў, нават ня ў тым, ці паказалі ўсё гэта на Euronews. Безь яго проста немагчыма адчуць сваю беларускасьць і нават нацыянальную годнасьць. Таму можна дараваць кволую арганізацыю, устрымацца ад таго, каб крыкнуць пару ласкавых на адрас таго ці іншага палітыка, які цягам часу проста канкрэтна дастаў (дарэчы, большасьць зь іх на акцыю проста не зьявілася, як у тым анэкдоце пра ваяра, які наклаў у штаны не са страху, а зь вялікай нянавісьці), і ляяльна праігнараваць, як вычварыўся мітынговы мацюкальнік зь бесьсьмяротнага шэдэўра.

Менавіта тое, што гэты дзень увасабляе пачуцьцё годнасьці і самасьвядомасьці, і прыводзіць да таго, што самыя масавыя (альбо найменш правальныя) апазыцыйныя пратэсты, на фоне амаль поўнай адсутнасьці нейкай сацыяльнай напружанасьці і агульнай грамадзкай пасіўнасьці, праходзяць менавіта на 25 сакавіка. Аднак гэтага прынцыповага, унутрана неабходнага, даволі масавага (але не замасавага) выхаду на вуліцы дэмакратычнай і нацыянальнай субкультуры хапіла на гэты раз толькі на тое, каб прадэманстраваць ужо звычную рутыну. Пасьля поўнай дэзарганізацыі і дэмаралізацыі незалежнага грамадзтва на пачатку першых гадоў ХХІ ст. і пасьля мінулагодняга ўсплёску як быццам усё вярнулася на зыходныя пазыцыі.

Вось гэтая рутынізацыя, аднак, і ёсьць галоўным палітычным вынікам сакавіка 2007 г. У болей шырокім сэнсе мы, здаецца, проста падышлі да той мяжы, за якой можна ўжо дакладна сказаць, што пэўны цыкль палітычнага і грамадзкага жыцьця, пікам якога стала леташняя Плошча Каліноўскага, закончыўся. А раз так, то гутарка мусіць весьціся не пра саму акцыю, а пра тое, што ёй папярэднічала. Некалькі месяцаў таму ў сваім артыкуле ў «ARCHE», тады яшчэ па гарачых сьлядах сакавіцкіх падзеяў, я паспрабаваў зазірнуць у будучыню і акрэсьліў некалькі фактараў, якія, на мой погляд, адлюстроўвалі і будуць адлюстроўваць дынаміку працэсаў у беларускім апазыцыйным і незалежным грамадзтве. Мае разважаньні прывялі, нагадаю, да наступных высноваў:

1)      Крызісу ўлады, аб якім так шмат распавядала апазыцыя, не назіраецца.

2)      Грамадзтва і дзяржава збольшага знаходзяцца ў стане раўнавагі адно з адным, і пратэставы асяродак абмежаваны рамкамі пэўнай дэмакратычнай субкультуры, якая адсечаная ад больш шырокага грамадзтва пэўнай сыстэмай сацыяльных кантрактаў (карпаратызацыяй) і віртуалізацыяй публічнай сфэры.

3)      Палітычная барацьба ва ўмовах карпарацыйнай дзяржавы непазьбежна саступае месца грамадзкаму супраціву і дысыдэнцкай дзейнасьці.

4)      Палітычная інфраструктура і інстытуцыянальныя рамкі існай апазыцыі непрыдатныя да дысыдэнцкага фармату грамадзянскага супраціву.

Мае разважаньні сустрэлі шмат крытыкі з боку палітычных суб’ектаў і шараговых апазыцыйна настроеных грамадзянаў, так што неяк у этэры радыё «Свабода» я нават заслужыў мянушку палітоляга‑канфарміста. Ня буду яе аспрэчваць — я не магу паставіць сабе ў адзін шэраг, на адзін узровень са Зьмітром Дашкевічам, Паўлам Севярынцам альбо Міколам Статкевічам ці Аляксандрам Казуліным. Аднак, вяртаючыся да сёлетніх падзеяў 25 сакавіка, не магу не зазначыць, што я не адзін у сваім канфармізьме, у сваім ціхім, не радыкальным, больш маральным, чым дзейсным, супраціве. Нават той, каму хапіла сьмеласьці выйсьці на вуліцы, не імкнуўся лезьці на ражон, пазьбягаў сутыкненьняў, замест гэтага, папросту імкнуўся знайсьці тое месца, тую пляцоўку, тую прастору, якую яшчэ не адсеклі АМАПаўцы, і пазьбягаў сутыкненьняў там, дзе месца ўжо было занятае, ачэпленае ці неяк акрэсьленае. Як трапна заўважыў філёзаф Ігар Бабкоў, супрацьстаяньне нагадвала не канфрантацыю, а нейкую шахматную гульню (альбо нават, дадам, гульню ў коткі‑мышкі).

І гэтае цалкам дысыдэнцкае, на мой погляд, манэўраваньне лепш за ўсё і прадэманстравала той стан, той максымум, на які пакуль што здольнае незалежнае грамадзтва — стан больш маральнага, чым палітычнага, а разам з тым збольшага прагматычнага і самаабмежаванага супраціву. Склалася ўражаньне, што незалежнае грамадзтва, незалежна ад таго, што можа сказаць Сіліцкі, слухач радыё «Свабода» ці партыйны лідэр, само па сабе прызнала перавагу рэжыму і проста ня лезе на ражон (пры гэтым таксама цікавая колькасьць разнастайных сустрэчаў і сэмінараў за мяжой, якія былі нейкім чынам прызначаныя менавіта на 25‑га…). Не магу сказаць, што я сам у захапленьні ад свайго канфармізму ці ад пастаўленага мной дыягназу, але здаецца, што ён ня быў ужо такі і недарэчны.

[…]

Зрэшты, 25 сакавіка на вуліцы будзем выходзіць заўжды. Бо інакш перастанем быць беларусамі — а гэта нашмат страшней, чым трапіць за краты.

Здымак Сяргея Гудзіліна, Наша Ніва, 24 сакавіка 2013