Намінаванне на Прэмію Сіліцкага адкрытае яшчэ тыдзень

28 лютага завершыцца грамадскае намінаванне на Прэмію імя Віталя Сіліцкага “За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі”. Яшчэ цягам тыдня можна адзначыць абраныя вамі паліталагічныя працы праз адмысловую форму на сайце Камітэту памяці Віталя Сіліцкага.

Камітэт памяці вядомага беларускага палітолага Віталя Сіліцкага рыхтуецца да ўручэння першай прэміі яго імя “За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі” і запрашае ўсіх, хто падзяляе ідэі Сіліцкага, далучыцца да арганізацыі гэтага мерапрыемства з тым, каб яно сапраўды стала знакавай падзеяй.

У Камітэце адзначылі, што атрымалі каля пятнаццаці прапановаў.

— Мы б вельмі хацелі бачыць больш актыўнасці ў намінаванні з боку тых людзей, якія не належаць да навуковага асяродку. Усё ж такі паліталогія тлумачыць многія з’явы, звязаныя з нашым штодзённым жыццём, а разуменне дае магчымасць прымаць рацыянальныя рашэнні. Таму было б цудоўна, каб гэтая навука станавілася папулярней у шырокіх масах, — падзялілася меркаваннем сябра аргкамітэту Прэміі Дар’я Слабчанка. — Мы патроху вучымся ганарыцца вядомымі беларусамі - спартоўцамі, дзеячамі культуры і г.д. Навукоўцы таксама вартыя гонару. У паліталогіі, безумоўна, сапраўднай зоркай быў і застаецца Віталь Сіліцкі.

Свае прапановы па намінантах, а таксама па дапамозе ў арганізацыі Прэміі можна дасылаць і на мэйл [email protected].