Да Дня роднай мовы: Віталь Сіліцкі аб беларускай мове

Віталь Сіліцкі ў сваім допісе для сяброў "25+1 фактаў" пра самога сябе прызнаўся: "Калі мне было 10 год, я ненавідзіў усё, што казалася па-беларуску. Калі мне было 20, я ненавідзіў усё, што казалася па-руску".

Тэма беларускай мовы і самаідэнтыфікацыі беларусаў займала значнае месца ў працы Віталя Сіліцкага. Ніжэй прыведзены ўрыўкі з некаторых ягоных інтэрвію і артыкулаў.
 
 
Мова ёсць ключавым чыннікам у нацыятварэнні ва ўмовах, калі падмуркам для яго не могуць выступаць другасныя нацыятворчыя прыкметы. Мы тут гаворым не столькі пра тэзіс, што «без мовы няма нацыі», колькі пра тое, што для стварэння сэнсу «еднасці ды адметнасці» Беларусі неабходны свой уласны і ўнікальны моўны пакт, які замацоўвае прынцыпы існавання і выкарыстання моваў (рэальна працоўнае і заканадаўча абароненае двухмоўе, дарэчы, можа быць такім жа чыннікам стварэння пачуцця нацыянальнай адметнасці, як і моналінгвізм, што грунтуецца на ўнікальнай мове).
 
З інтэрвію для Еўрарадыё:
 
- Стаўленне моладзі да беларускай мовы пагоршылася за апошні час. І яно зараз горшае, чым у сярэднім па грамадстве — больш моладзі ўспрымае карыстанне беларускай мовай як проста нейкую прыкмету выпендрожу. Хаця, за кошт таго, што яны вывучаюць яе ў школах, яны можа лепш ёй умеюць ёй карыстацца, чым астатняе грамадства. Але ж, гэта група з найменшым жаданнем размаўляць па-беларуску.
 
Гэта як раз тая сітуацыя, калі адзін і той жа асяродак можа даваць найбольшы адсотак актывістаў-энтузіястаў, але сярэдні паказчык пры гэтым самы нізкі. І гэтыя актывісты вырываюцца менавіта ў знак пратэсту супраць шэрай масы. Бывае і так.
 
Наша даследаванне паказвае, што зусім неабавязкова, што беларуская мова — гэта мова апазіцыі, мова захаду Беларусі і мова моладзі, як гэта часцяком уяўляецца. Можа мова апазіцыі, але неабавязкова мова апазіцыйна-настроеных людзей. Можа мова захаду, але не мова тых вельмі зрусіфікаваных і спаланізаваных частак той жа Гарадзеншчыны. Можа мова моладзі, але хутчэй мова маленькага асяродку зацятых актывістаў, чым мэйнстрымавай моладзевай гапаты.
 
Еўрарадыё: Ці можна чытаць Караткевіча па-руску? Ці калі гэта рабіць — шмат згубіцца?
 
- Фізічна чытаць можна. Але акурат Караткевіча я б не раіў чытаць па-руску, таму што гэта ўсё роўна што ў першую шлюбную ноч класціся з надзіманай лялькай. Задавальненне можа і атрымаеш, але якое? Гэта маё асабістае стаўленне да творчасці Караткевіча.
 
Таксама не пройдзе проста пераклад нейкага славутага дэтэктыву на беларускую мову —усё роўна яго будуць чытаць па-руску. Гэта мусіць быць унікальны цікавы прадукт. Таксама як абсурдна чытаць Караткевіча па-руску, абсалютна абсурдная думка, што нельга чытаць дэтэктывы на беларускай мове.
 
Людзі часта не зразумеюць, што па-беларуску можа быць цікава, пакуль не пабачаць цікавыя дэтэктывы на беларускай мове. Я вам распавяду гісторыю, як мой цалкам беларускамоўны сябар гуляў у двары са сваімі сабакамі. Ён даваў там ім нейкія каманды. Праходзіць міма жанчына і кажа: “Слушайте, а что ваши собаки правда понимают по-белорусски?”
 
“Быць у сваім часе” – Віталь Сіліцкі для праекту BUDZMA.ORG “Як я стаў беларусам”:
 
[…] гонар за поспехі БССР натуральна ўжываўся з пагардай да беларускай мовы. Не паважаць яе, як і ўсё, што было звязана з Беларуссю да 1917 году, школа і сям’я вучылі элегантна і старанна. Не, ніхто не казаў тады, што беларуская мова – гэта гаўно, і нават вадзілі да завуча за тое, што сцябаліся з настаўніка фізікі, які размаўляў з моцным вясковым акцэнтам (і капалі на мазгі, ціпа па беларускай зямлі ходзіш, беларускі хлеб ясі, а з беларускай мовы смяешся!), але падручнікі і выкладчыкі былі такімі ніякімі, нецікавымі – асабліва падручнік гісторыі Абэцэдарскага – кожны раз калі па ім нешта задавалі, бляваць хацелася – любую цікавасць да роднага краю і яго спадчыны гэта адбівала на карані.
 
Ды і літаратура – хто памятае, той пацвердзіць, што ўвесь курс (з гэтымі «Я мужык-беларус» і іншай цягамоцінай) толькі ўмацоўваў комплекс уласнай непаўнавартаснасці і пачуццё падзякі Расіі і роднай партыі за тое, што выцягнулі яны нас з гэтага балота на БССРаўскія вышыні.
 
[…] прага да індывідуальнасці ў мяне асабіста вылілася ў беларускасць. Вылілася дзякуючы таму, што я цяпер называю “анталагічным шокам” – вонкаваму імпульсу, які імгненна, без шуму і пылу, змяніў маё светаадчуванне. Проста аднойчы да нас у клас прыйшла новая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая вельмі адрознілася ад папярэдніх ідэалагічна правільных цётачак. Звалі яе Ніна Міхайлаўна Трушанава, было ёй гадоў 27 (спадзяюся, у яе жыцці дагэтуль усё добра), была яна блізкая да тых нефармальных колаў, з якіх паўставалі “Талака” і “Тутэйшыя”.
 
І вось неяк пачала яна апавядаць нам на ўроку пра тое, што беларуская мова знікае, а гэта ніякая не сялянская мова, а нармальная еўрапейская мова, і што мы – такі ж народ, як немцы і французы, і маем уласную гісторыю і гонар, і нам ёсць чым ганарыцца, а мы не дбаем пра гэта. Імпульс быў дадзены.
 
Для супольнага праекта TUT.BY i BUDZMA.ORG “Быць беларусам – што гэта значыць?”:
 
- Жыць у Беларусі, размаўляць па-беларуску, дбаць пра Беларусь, любіць Беларусь.