Сёння Віталю Сіліцкаму споўнілася б 40 год

Выбітнаму беларускаму палітолагу Віталю Сіліцкаму 25 снежня споўнілася б 40 год. Да свайго юбілею Віталь не дажыў паўтары гады. Аднак ягоныя ідэі працягваюць жыць.

Менавіта гэтага хацеў Віталь Сіліцкі — працягу жыцця сваёй працы. Пасмяротна была выдадзеная асобнай кнігай «Адкладзеная свабода» ў межах Бібліятэкі Беларускага Калегіюма. Рыхтуецца да выдання «Доўгая дарога ад тыраніі» — кніга, над якой Віталь Сіліцкі працаваў да апошніх дзён.

Свае апошнія перадкалядныя дні ўжо вельмі хворы Віталь правёў у клопатах пра іншых: ён быў адным з тых «анёлаў», што дапамагалі арыштаванам пасьля разгону Плошчы 2010. Вазіў ім перадачы, чакаў у чэргах каля ізалятараў, каб перадаць незнаёмым людзям неабходныя рэчы.

У сваёй яшчэ неапублікаванай кнізе Віталь пісаў:

«Якія б расчараванні ні прынесла дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі выбарчая кампанія, галасаванне і згаслая хваля пратэстаў, яны пазначылі, я б сказаў, „рэвалюцыю духу“ ў дэмакратычнай супольнасці і такім чынам, магчыма, павялічылі шанцы на тое, што калі-небудзь у краіну прыйдзе свабода» (аб падзеях 2006 году)1.

Віталь Сіліцкі сам быў не толькі «рэвалюцыянерам духу», але і сапраўдным «рэвалюцыянерам думкі», увёўшы ў паліталагічны дыскурс такія паняткі як «прэвентыўны аўтарытарызм» і «аўтарытарны інтэрнацыянал», якія, бадай, з’яўляюцца найлепшым тлумачэннем сітуацыі ў Беларусі.

Зорка Віталя Сіліцкага, якая запалілася 25 снежня 40 год таму, не згасне, покуль Віталь жыве ў нашых успамінах, покуль ягоныя ідэі натхняюць на «рэвалюцыю духу».

«Да перамогі яшчэ далёка. Але шлях намечаны», верыў Віталь Сіліцкі2.

Фота з апошняга дня народзінаў, які адсвяткаваў Віталь у атачэнні сяброў. Фота з Facebook старонкі Сіліцкага.

1Да тэрміну «рэвалюцыя духу» Віталь Сіліцкі звяртаўся і ў іншых публікацыях.
2Віталь Сіліцкі, Пачатак рэвалюцыі духу, http://arche.bymedia.net/2006-4/silicki406.htm.