Памяці Віталя Сіліцкага (2011)

 

11 чэрвеня 2011 года на 39-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы памёр першы акадэмічны дырэктар BISS Віталь Сіліцкі.

Віталь зрабіў каласальны ўнёсак у развіццё беларускай паліталагічнай думкі. З яго імем звязаны многія канцэпцыі, якімі тлумачыцца сённяшняя сітуацыі ў Беларусі. У тым ліку — “прэвентыўны аўтарытарызм”, “тэрыторыя свабоды”, “адкладзеная свабода”. А яго чалавечая харызма, уменне гуртаваць вакол сябе таленавітых і працаздольных людзей, сапраўдная беларускасць і, натуральна, проста тытанічная працаздольнасць і прага да няспыннага ідэйнага пошуку прыўнеслі абсалютна новы, адначасова нацыянальны і добра зразумелы на Захадзе аналітычны стыль. Таму шмат сапраўдных сяброў Віталя і на радзіме, у Беларусі, і на Захадзе з цеплынёй успамінаюць сустрэчы з ім, сумесную працу, шматлікія вадроўкі і наўпрост шчырыя асабістыя размовы.

Жан-Эрык Хольцапфель, часовы павераны ў справах місіі Еўразвязу ў Беларусі

Мы страцілі сябра і выдатнага прафесіянала. Віталь больш не з намі, але застаецца ягоная спадчына, якая і надалей будзе нас натхняць. Я маю на ўвазе гэтае ўнікальнае спалучэнне адданасці справе, прафесіяналізму і адкрытасці, якія прымушалі нават праціўнікаў улічваць ягоную аналітыку і бачанне сітуацыі. Мне было вельмі прыемна неаднойчы сустракацца з Віталём, асабліва на мерапрыемствах BISS. Я ніколі не забудуся, што мы разам былі на Плошчы 19 снежня і што, калі пачаўся разгон, Віталь дбаў пра маю бяспеку. Такі быў Віталь – адданы ідэі і заўсёды гатовы падтрымаць, выдатны сябар і выдатны беларус.

Мэт Раянскі, каардынатар праграм для Расіі і Еўразіі Міжнароднага фонду міру ім. Карнегі

Я меў гонар ведаць Віталя зусім нядоўга, але за гэты час, калі ён ужо хварэў, хоць ён гэтага і не ведаў, мне вельмі дапамагла ягоная мудрасць – як і усім нам, хто ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і турбуецца за будучыню яе народу. Але мне дапамагла і вялікая Віталёва чалавечнасць. Іронія лёсу – у апошнія месяцы жыцця Віталь адведаў мяне ў мінскім шпіталі, калі я хварэў. Мы трохі размаўлялі пра працу, але збольшага папросту сядзелі ды разважалі пра нашую агульную чалавечнасць і нашую агульную датклівасць. Гэта быў для мяне нечаканы пробліск святла і прасвятлення ў вельмі зрочны час. Вядома, Віталь раскрыў мне пэўныя рэчы пра Беларусь, але нечакана раскрыў мне і нешта пра мяне самога. Мы ўсе людзі, усе датклівыя, і я абавязаны дзеля Віталёвай памяці дбаць пра будучыню ягонай краіны так, як гэта рабіў ён.

Балаш Ярабік, член-карэспандэнт FRIDE

Віталь быў на некалькі дзён за мяне старэйшы, таму, мабыць, я магу сцвярджаць, што мы страцілі аднаго з найвялікшых мысляроў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы нашага пакалення. Я пазнаёміўся з Віталём дзесяць гадоў таму і з таго часу меў гонар плённа супрацоўнічаць з ім і быць ягоным блізкім сябрам. Шмат каму на здзіўленне, ён вярнуўся ў Мінск і ўзяў на сябе адказнасць за станаўленне Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў – як шмат хто на той час думаў, абарваўшы бліскучую міжнародную навуковую кар’еру. Але Віталь прысвяціў сваё жыццё Беларусі – гэта быў ягоны лёс. Ён зрабіўся адным з самых выбітных экспертаў у праблемах аўтарытарызму і дэмакратыі. Памятаючы пра апантанасць працай Віталя і ягоных калегаў, я ўпэўнены, што ягоная спадчына  і ягоны галоўны праект – BISS – паслужаць таму, каб Беларусь рушыла наперад.

Джэф Лавіт, PASOS (Асацыяцыя палітыкі за адкрытае грамадства)

У час, калі грамадзянская супольнасць у Беларусі сутыкаецца з няспыннымі абмежаваннямі, а тры кандыдаты ў прэзідэнты ад апазіцыі атрымалі працяглыя тэрміны зняволення пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 г., памяць пра Віталя мусіць нагадваць нам пра мноства станоўчых галасоў, якія гучаць у патрымку свабоды і дэмакратычнай будучыні Беларусі.

Я таксама перакананы, што тыя з нас у Беларусі, па ўсёй Еўропе і ЗША, хто ведаў Віталя, і ўсе, каму неабыякавы лёс Беларусі, аб’яднаюць свае намаганні, каб спраўдзіць жаданне Віталя, для здзяйснення якога ён так доўга працаваў, – “запаліць свечку свабоды” ў Беларусі.

Сабін Фішэр, Інстытут даследаванняў бяспекі Еўрапейскага Звязу, Парыж

Ён прысвяціў жыццё даследаванню Беларусі; ён зрабіў гэтую краіну прызнаным у міжнароднай навуковай супольнасці аб’ектам даследавання. Адмовіўшыся ад перспектыўнай міжнароднай навуковай кар’еры, ён вярнуўся на радзіму, каб змяніць там сітуацыю.  Са смерцю Віталя Сіліцкага ўтварылася велізарная прорва ў беларускай і еўрапейскай грамадзянскай і экспертнай супольнасці. Атрымаўшы адукацыю і на Усходзе, і на Захадзе, ён, як мала хто іншы, ведаў беларускую, еўрапейскую, амерыканскую культуру і мысленне.  Часам мне здавалася, што ягоная асноўная місія – быць нястомным сувязным паміж гэтымі светамі, на жаль, адасобленымі ізаляцыяй Беларусі. У гэтых высілках апірышчам Віталю былі ягоная чалавечнасць і адданасць дэмакратыі як адзінай належнай мадэлі развіцця ягонай краіны, якую ён любіў і якой заўсёды заставаўся верны. Віталь быў непаўторны ўменнем і жаданнем знаходзіць кампрамісы там, дзе іншыя займалі радыкальную пазіцыю. Еўразвяз і Беларусь страцілі надзвычай важнага пасярэдніка ў адзін з найгоршых перыядаў ва ўзаемных стасунках. Я заўсёды буду памятаць нашыя дыскусіі і супольную працу, Віталёву абазнанасць і прагу да інтэлектуальных спрэчак, а таксама ягоную адкрытасць, чалавечнасць і цеплыню.

Я смуткую разам з блізкімі і сябрамі Віталя. Нам усім будзе яго страшэнна не хапаць, і мы мусім зрабіць усё, што можам, каб працягваць ягоную місію і пашыраць ягоныя ідэі.

Пірка Тапіёла, аддзел стратэгічнага планавання Еўрапейскай службы замежнага дзеяння

Я быў глыбока засмучаны весткай пра смерць Віталя Сіліцкага. Як гэта несправядліва, што сышоў чалавек у самым росквіце сіл. Ён столькі яшчэ мог зрабіць. Мне яго будзе не хапаць. Усе, хто ведаў Віталя, заўсёды будуць памятаць ягоную бурлівую натуру і выдатнае пачуццё гумару. У ім віравала жыццё. Разам з тым, ён меў надзвычай востры і халодны розум аналітыка, які бачыў не толькі чорнае і белае ў падзеях, што адбываліся ў ягонай краіне, але і заўважаў пільным вокам усе магчымыя адценні шэрага паміж дзвюма скрайнасцямі. Ён не вызначаў вінаватых, а шукаў вырашэнні.  Віталь палымяна імкнуўся дапамагчы Беларусі стаць на слушны шлях і шукаць слушныя палітычныя захады, каб краіна рушыла наперад. Ён ніколі не дапускаў, каб гэтыя палымяныя пачуцці адбіваліся на аб’ектыўнасці ягонага мыслення. Цяпер тыя, каго пакінуў Віталь, мусяць працягваць ягоную справу ў духу ягонай жыццярадаснасці і інтэлектуальнай сумленнасці.

Сяргей Міхаліч, незалежны эксперт, Славакія

Віталя будзе не хапаць як неардынарнай асобы і чалавека, які глыбока верыў у тую місію, што ён ажыццяўляў. Уяўляю, як будзе не хапаць яго вам, ягоным сябрам і калегам, і як яго будзе не хапаць усёй краіне...

Віталя будзе не хапаць усім нам, хто меў шчасце яго ведаць і мог хоць трохі з ім працаваць. Гэта быў вялікі гонар, і я асабіста ніколі не забуду Віталя.

Ваўжынец Канарскі, Польшча

Я вельмі засмучаны, што сышоў Віталь Сіліцкі. Я меў гонар быць мадэратарам секцыі, у працы якой ён браў удзел. Тая энергія і рашучасць, якую ён выяўляў у сваёй дзейнасці, не мела сабе роўных і была надзвычай каштоўнай.

Ёана Фаміна, “Адкрытая Еўропа”

Мы вельмі засмучаныя весткай пра смерць Віталя. Некаторыя з нас ведалі яго асабіста, іншыя шмат пра яго чулі. Гэта вялікая страта для ўсёй еўрапейскай грамадзянскай супольнасці.

Майк дэ Вільер, дырэктар IREX Europe

Усе мы ў IREX Europe выказваем нашыя шчырыя спачуванні з прычыны смерці Віталя. Мы разумеем, наколькі вам усім цяжка, і зычым вам самага найлепшага. Калі ласка, скажыце, калі мы можам нечым дапамагчы. Выказваем таксама свае спачуванні сям’і і блізкім Віталя.

Чарлі Шром

Віталь быў чалавекам вялікага розуму і вялікай душы... добрым сябрам таму, хто толькі што прыехаў у Вашынгтон. Я нязменна памятаю ягонае вясёлае стаўленне да жыцця і агульную жыццярадаснасць.

Ёланта Дарчэўска, дырэктар Цэнтру ўсходніх даследаванняў, Варшава

Мы заўсёды будзем памятаць Віталя як выбітнага і паважанага аналітыка, вельмі радаснага і добрага чалавека. Ягоная смерць – гэта вялікая страта для беларускай экспертнай супольнасці.

Маргарыта М. Бальмасэда, Аляксандраўскі інстытут Хельсінскага універсітэту

Мне будзе не хапаць Віталёвага голаса, ягонага пачуцця гумару, ягонай прысутнасці, ягонага вострага розуму. І ўсяго, што ён зрабіў дзеля развіцця паліталогіі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Ягоныя працы, канцэпцыі, якія ён развіваў, у тым ліку і праз даследчыя праекты BISS, вельмі моцна паўплывалі на маё разуменне Беларусі і ўвогуле працэсаў пераходу ад аўтарытарызму. Ніводны сур’ёзны навукоўца ў гэтай галіне не можа не зважаць на гэтую значную працу. Такія канцэпцыі, як “сацыяльны кантракт”, і кніга BISS на гэтую тэму змянілі ўсю парадыгму сур’ёзных даследаванняў Беларусі. Віталь увасабляў лепшае, што ёсць у Беларусі, надзею на яе будучыню ў руках новага пакалення. Тыя, хто меў гонар працаваць з ім, будуць заўсёды адчуваць горыч страты, а таксама памятаць тыя шматлікія дарункі, якія прынёс нам Віталь.

Форму грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства”

Ён быў сябрам дэмакратычнай Беларусі і “шырэйшай Еўропы” ўвогуле. Нам будзе вельмі не хапаць ягонага жыццярадаснага духу, ягонага палымянага імкнення змяніць на лепшае  еўрапейскую палітыку і рашучасці нязменна дамагацца прагрэсу, нават калі крокі наперад здаваліся да жаху маленькімі. Нам будзе не хапаць і той весялосці, якую ён прыносіў у дыскусіі нават па самых спрэчных пытаннях.

Мы будзем вельмі па ім сумаваць, і свечка свабоды ў Беларусі будзе і надалей ярка гарэць у ягоную памяць.

Рэдакцыя сайту “Наше Мнение

Памёр Віталь Сіліцкі

11 чэрвеня на 39-м годзе жыцця пасля цяжкай працяглай хваробы пайшоў з жыцця дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў палітолаг Віталь Сіліцкі.

Ён спецыялізаваўся ў галіне палітыкі эканамічных рэформаў, дэмакратызацыі на постсавецкай прасторы, на электаральных рэвалюцыях і прэвентыўным аўтарытарызме, палітыцы ЕЗ на постсавецкай прасторы, дачыненнях Беларусі з Расіяй і ЕЗ. У 2007 г. ён узначаліў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў.

Светлая памяць табе, Віталь

Еўрарадыё

Дар’я Каткоўская: Смерць Віталя Сіліцкага – вялікая страта для Беларусі

Беларусь зведала вялікую страту. Як казаў на хаўтурах Валер Булгакаў, мы цяпер яшчэ не ў стане ўсвядоміць, наколькі гэта вялікая страта. Разуменне прыйдзе пазней. Віталь быў звязаны з мноствам сфер нашага жыцця, і шмат хто з нас страціў не толькі навукоўца, даследчыка, аналітыка, але і добрага сябра.

Уладзімір Някляеў, кампанiя Гавары праўду. Сіліцкі змяніў нашае ўяўленне пра палітыку

Смерць забірае лепшых. Віталь Сіліцкі толькі ўваходзіў ва ўзрост, залаты для кожнага чалавека, які займаецца палітычнай навукай. Лёс адпусціў Віталю надзвычай мала, але паспеў ён зрабіць дужа шмат. Ягонае з’яўленне ў гуманітарнай свядомасці Беларусі змяніла нашае ўяўленне пра тое, якой павінна быць палітыка. Спадзяюся, распачатае Віталем Сіліцкім будзе падхоплена і працягнута на тым дастойным узроўні, на якім быў гэты разумны, моцны і мужны чалавек.

Вольфганг Тэмплін, Прадстаўніцтва Фонду імя Генрыха Бёлля ў Польшчы

Віталь, як і Інстытут, якім ён кіраваў, быў нашым добрым партнёрам на працягу апошніх год. Акрамя прафесійных рысаў, мы ведалі Віталя як заўсёды вясёлага, шчырага, сумленнага чалавека і адказнага сябра. Навіна пра яго адыход адбілася сумных рэхам у нашых сэрцэх, у якіх Віталь назаўсёды застанецца.

Вольга Стужынская, Офіс за дэмакратычную Беларусь, Брусэль.

Бывай, дарагі сябра

Віталь адпакутваў і сыйшоў пасля доўгіх месяцаў барацьбы з хваробай, што хутка прагрэсавала і не пакінула яму шанцу на выздараўленне. Ён быў выбітным палітолагам, амбітным кіраўніком свайго дзецішча, Беларускага інстытуту стратэгічных даследванняў (BISS), аўтарам кніг і артыкулаў. Для мяне ж ён, у першую чаргу, быў блізкім сябрам, з якім мы гутарылі кожны дзень у скайпе, катораму я тэлефанавала адным з першых падчас кожнай паездкі ў Мінск, і мы сутракаліся амаль кожны дзень каб пагутарыць і пра справы, і пра ўсё на свеце...

Наша Нiва. Памёр палітолаг Віталь Сіліцкі

Віталь Сіліцкі быў дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Гэта быў выдатны палітолаг з бліскучай адукацыяй і сусветным рэнамэ. Ён быў голасам незалежнай Беларусі, які гучаў з самых высокіх трыбун.

Ужо хворы, ён працаваў у рэжыме нон-стоп.

Як грамадзянін, ён быў бясконца адданы Беларусі і беларускасці.