У Мінску прайшоў вечар памяці Віталя Сіліцкага

У гадавіну сыхода з жыцця першага дырэктара BISS Віталя Сіліцкага, 11 чэрвеня, у  галереі “Ў” адбыўся вечар памяці. Сусветна вядомага палітолага ўзгадалі сябры і калегі ў надзвычай цёплай атмасферы.

Аддаць даніну памяці Віталю Сіліцкаму прыйшло шмат людзей. Цёплыя словы дасылаліся і з замежжа. Некаторыя пасланні ўвайшлі ў прысвечаны Віталю выпуск Belarus Headlines, разам з рэтраспектывай яго найбольш знакавых артыкулаў.
 
Як трапна заўважыў вядомы палітолаг, прафесар канадскага ўніверсітэта Альберты, эксперт па Беларусі і Украіне Дэвід Марплз, Віталь Сіліцкі ў простым і ў пераносным сэнсе быў чалавекам,  “большым за самое жыццё”. Таму яго ідэі, яго тытанічная праца, яго шчырае жаданне пераменаў да лепшага павінны быць працягнуты.  Дзеля гэтага і быў нядаўна ўтвораны Камітэт па ўшанаванні памяці Віталя Сіліцкага, куды ўжо ўвашлі каля трох дзесяткаў вядомых беларускіх і замежных экспертаў і грамадскіх дзеячоў. Планы дзейнасці Камітэту былі прэзентаваныя на вечары памяці. Гэта выданне кнігі Віталя, заснаванне прэміі ягонага імя, працяг існавання стыпендыі, дабрачынная акцыя і стварэнне грамадскай бібліятэкі.
 
Пераемнік Віталя Сіліцкага, акадэмічны дырэктар BISS Аляксей Пікулік, і яго калега Дзяніс Мельянцоў далі ацэнку таму каласальнаму ўнёску, які Віталь зрабіў у развіццё беларускай паліталагічнай думкі. З іменем Сіліцкага  звязаны многія канцэпцыі, якімі тлумачыцца сённяшняя сітуацыі ў Беларусі. У тым ліку — “прэвентыўны аўтарытарызм”, “тэрыторыя свабоды”, “адкладзеная свабода”. Яго чалавечая харызма, уменне гуртаваць вакол сябе таленавітых і працаздольных людзей, сапраўдная беларускасць і, натуральна, проста тытанічная працаздольнасць і прага да няспыннага ідэйнага пошуку прыўнеслі абсалютна новы, адначасова нацыянальны і добра зразумелы на Захадзе аналітычны стыль.
 
Добрыя словы пра Віталя Сіліцкага на вечары яго памяці сказалі і прадстаўнікі дыпкорпусу – амбасадар Каралеўства Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і першы сакратар дэлегацыі Еўрапейскага саюзу ў Беларусі Рамунас Янушаўскас. Выступалі і іншыя сябры Віталя Сіліцкага, якія нават па прашэсці года ўсё яшчэ не могуць да канца звыкнуцца з думкай, што чалавека з такой шырокай душой, непасрэднага, трапнага, з такім выдатным пачуццём гумару, гучнага і неверагодна працаздольнага ўжо ніколі не будзе побач.  Усе выказалі гатоўнасць і намер прадаўжаць яго працу і развіваць яго ідэі.