Створаны Камітэт памяці Віталя Сіліцкага

Створаны Камітэт па ўшанаванні памяці першага дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), выбітнага беларускага палітолага, грамадскага дзеяча і блогера Віталя Сіліцкага.

Віталь Сіліцкі скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт па спецыяльнасці сацыялогія, атрымаў ступень магістра ў Цэтральнаеўрапейскім універсістэце ў  Венгрыі і доктара паліталогіі ў Ратгерскім універсітэце, ЗША.  Віталь стажыраваўся ў Міжнародным форуме даследаванняў дэмакратыі (Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі, ЗША) і ў Стэнфардскім універсітэце. 
 
Атрымаўшы бліскучую заходнюю адукацыю, ён вярнуўся ў Беларусь, дзе зрабіў  значны ўнёсак у развіццё беларускай паліталагічнай супольнасці.
 
Пасля сябе ён пакінуў нямала ідэяў. Таму яго сябры і калегі стварылі Камітэт памяці, каб справа, распачатая Віталём, мела працяг. Сярод мерапрыемстваў ушанавання памяці — стыпендыя і прэмія імя Сіліцкага, а таксама выданне шэрагу яго  кніг.
 
На прыкладзе працы Віталя Сіліцкага, лічаць стваральнікі Камітэту, магчыма даць імпэт цэламу шэрагу маладых і таленавітых даследчыкаў працаваць у Беларусі і дзеля Беларусі, сёння і ў будучыні; выхаваць новую генерацыю навукоўцаў.
 
У Камітэт памяці ўжо ўвайшло каля трыццаці вядомых беларускіх і замежных грамадскіх і навуковых дзеячоў.